Канцэпцыя Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” – 2016.


Тэма: “Музеі ў новай крэатыўнай эканоміцы”

Дэвіз: “Разбураючы стэарэтыпы, пераадольваючы кансерватызм”

Карэнныя змены, якія адбыліся ў развіцці цывілізацыі ў канцы мінулага стагоддзя, прывялі да стварэння новай эканамічнай мадэлі постіндустрыяльнага тыпу, так званай “крэатыўнай эканомікі”, заснаванай на дамініраванні ведаў, сферы паслуг, інтэлектульнай працы, дасягненняў культуры, інавацый і глабальных інфармацыйных сістэм. Асновай развіцця “крэатыўнай” эканомікі стаў “крэатыўны” патэнцыял чалавека.

Чарльз Лэндры, брытанскі архітэктар і аўтар кнігі “Крэатыўны горад” падкрэсліваё, што сёння ў аснове развіцця знаходзяцца не класічныя фактары вытворчасці, а здольнасці людзей, іх уяўленні, творчая актыўнасць і матывацыі.

Музей як сацыяльны інстытут з’яўляецца прасторай для распаўсюджвання культурных ініцыятыў, развіцця творчага патэнцыялу чалавека. Гэта – адкрытая і даступная пляцоўка для кожнага, незалежна ад яго поглядаў, сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці, ўзросту і нацыянальнасці. У «Рэкамендацыях аб ахове і папулярызацыі музеяў і калекцый, іх разнастайнасці і іх ролі ў грамадстве», прынятых на 38-й сесіі Генеральнай Канферэнцыі ЮНЕСКА 17 лістапада 2015 г., падкрэсліваецца, што “музеі выконваюць ўсё большую ролю ў стымуляванні творчасці, адкрываючы магчымасці для індустрыі творчасці і культуры, для правядзення вольнага часу, тым самым спрыяючы матэрыяльнаму і духоўнаму дабрабыту людзей ва ўсім свеце”. Яны таксама ўносяць значны ўклад у “забеспячэнне адукацыі (фармальнай і нефармальнай)
на працягу ўсяго жыцця, сацыяльнай згуртаванасці і ўстойлівага развіцця. Музеі таксама забяспечваюць падтрымку эканамічнаму развіццю, у прыватнасці, з дапамогай культурных і творчых індустрый і турызму”.

Такім чынам, музеі, у адпаведнасці са сваім прызначэннем, павінны пашыраць і ўмацоўваць сваю прысутнасць у жыцці грамадства і кожнага чалавека. Утвараючы прастору для дыялогу, зносін, атрымання ведаў і творчага самавыяўлення, музеі ператвараюцца ў істотны фактар згуртавання і развіцця для ўсіх членаў грамадства.

У 2016 г. на Нацыянальным форуме “«Музеі Беларусі” будуць прадэмастраваны лепшыя здабыткі беларускіх музеяў за апошнія два гады, іх творчы патэнцыял, здольнасць да пераменаў, перадольвання стэарэтыпаў і кансерватызму, а таксама іх магчымасці да дыялогу, супрацоўніцтва і інавацый.

Канцэптуальныя аспекты мусіць быць адлюстраваныя ў падрыхтоўцы асноўнай экспазіцыі форуму: яна павінна дэманстраваць інавацыйныя падыходы ў дзейнасці музея (выставачнай, адукацыйнай, захавальніцкай), альбо раскрываць новыя крэатыўныя праекты музея, яго здольнасць да міжкультурнага дыялогу, адкрытасці, інклюзіўныя магчымасці і стварэнне безбар’ернага асяроддзя.

Дзелавая і дэманстрацыйная праграма таксама адлюстроўвае тэму форуму.